ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1945 у чэшскіх землях, узброенае антыфашысцкае нац.-вызв. паўстанне ў маі 1945 пад кіраўніцтвам Чэш. нац. савета (ЧНС, створаны ў крас. 1945 з прадстаўнікоў усіх груп руху Супраціўлення). Планавалася на 7 мая, але ўжо 1 мая ў шэрагу нас. пунктаў пачалося стыхійнае выступленне жыхароў. 5 мая цэнтрам барацьбы стала Прага: гараджане раззброілі і блакіравалі часці герм. арміі, захапілі склады з ваен. тэхнікай і ўзбраеннем, занялі цэнтр. тэлеф. станцыю, пошту, пачалі ўзводзіць барыкады. У гэты дзень было абвешчана, што ў чэш. землях улада перайшла да ЧНС як прадстаўніка ўрада Нац. фронту (створаны ў крас. 1945 у г. Кошыцы). 6 мая ням.-фаш. камандаванне пачало наступленне на Прагу, у шэрагу раёнаў горада завязаліся баі. 6—7 мая на бок паўстанцаў перайшлі «ўласаўцы» (гл. ў арт. Руская вызваленчая народная армія). Ваен.тэхн. перавага дазволіла акупантам пацясніць паўстанцаў, якія папрасілі дапамогі ў сав. войск. Каб зменшыць колькасць ахвяр і выратаваць Прагу ад разбурэння, сав. камандаванне раней прызначанага тэрміну пачало Пражскую аперацыю 1945. 9—10 мая Прага была вызвалена. У П.п. актыўны ўдзел прымалі эмігранты з Беларусі, у т. л. М.​І.​Забэйда-Суміцкі.

Літ.:

Движение Сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы, 1939—1945. М., 1995;

Поп И.И. Чехословакия—Советский Союз, 1941—1947 гг. М., 1990.

І.​В.​Перапечка.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)